Скарбонка

 

Я сябе адчуваю скарбонкаю.
Пацяшайцеся, хто ахвоч,
Я не грошы збіраю, а звонкія
Галасы салаўёў усю ноч.

I дзяцей галасы, і ветру,
Кроплі сонечныя капяжоў.
Глянь на лес: ён зялёна-светлы,
Паглядзі ізноў: ён пажоўк.

Мудрасць кніг і радасць людскую,
Гнеў і гора — усё лічу.
Я збіраю, пішу, святкую,
Сто разоў у бездань лячу.

Ах, як многа імгненне важыць!
Над сталом мяне, праца, гні.
Калі выйдзе, дык гэта і ваша,
А не выйдзе — спалю на агні.

То знаходкі, то непаладкі,
То ярчэй мой дзень, то цямней.
Не разгадваюцца загадкі,
Што жыццё падкідвае мне.

Бо жыццё — акіян, не задачнік,
Дзе падгледзіць можна адказ.
Што там значна і што нязначна
У табе, наш напорысты час?

Я на ідалаў не малюся
I з няпраўдаю не міруся,
Дык, удача, хоць раз мне падзьмі!
Зноў збіраю і зноў дзялюся
Сваім скарбам малым з людзьмі.