На нягоды жыцця не жальцеся,
Не было б перамог без нягод.
Нараджайцеся, нараджайцеся
Кожны месяц і кожны год.
У вачах любімай дзяўчыны,
У вачах суседзяў, сяброў,
У вачах прафесараў чынных
I забеганых дактароў,
I ў шырока раскрытых дзіцячых
Вачанятах,
I ў плыткай вадзе.
Не старэйце, людзі, дачасна,
Нараджайцеся кожны дзень.