1956

Лівень...

 

Лівень.
Мыюцца трохтонкі,
Сіні пыл — на ўсе бакі.
I сядзяць, грызуць антонаўкі
На ганку дружбакі.

Дождж прасторы паласуе,
Ручаі ажно гудуць.
Пра якуюсьці красуню
Хлопцы гутарку вядуць.

«Што за стан яе дзявочы!
Ўсё аддам, каб прыгарнуць.
Ну, а вочы... Бачыў вочы?
Так і хочацца нырнуць».

«Вось такая сэрца спаліць,
Бо на травах, далібог,
Росы белыя ўскіпаюць
Ад яе гарачых ног...»

Я падслухаў выпадкова
I жаданне, і тугу;
І забыць цяпер іх словы
Пра дзяўчыну не магу.

Прыгажуняў сустракаю, —
А у нас іх, верце, шмат —
Проста мука: ну, якая
Прыдалася ім з дзяўчат?

Можа, гэта, можа, тая...
Хоць пакліч іх на мурог,
Каб зірнуць, як ускіпаюць
Росы белыя ад ног.

Трэснула, грукнула, грымнула з покатам...

 

Трэснула, грукнула, грымнула з покатам,
Хлынула цёплае неба на дол.
(Вось і сімфонію слухаем, покуль там
Творцы сядзяць над музычнай нудой.)

I бліскавіцы без нудных лічыльнікаў
Суткі ўсхвалёвана паляць сябе.
(Прыстасаванцы хаваюцца ў шчыліны,
Слон кабінетны трывожна сапе.)

Травы ачысцяцца, дрэвы памыюцца,
Лівень не зломіць іх — стануць дужэй.
(Кажуць, што крытыкі больш не памыляцца,
Бог беражонага не зберажэ.)

Я навальніцы люблю ачышчальныя,
Што працінаюць да донца душы.
(Кажуць, не прымуць больш касы ашчадныя
У сейфы свае махляроў барышы.)

Смолкай маланкай пупышкі палушчаны,
Свежа і зелена. Ясныя дні.
(Кажуць, што заўтра усе алілуйшчыкі
Выступяць супраць сваёй балбатні.)

Лясныя галубы

 

Вы чулі, як вуркочуць
Лясныя галубы?
Трымцяць асіны ціха,
Спакойна спяць дубы.

I ледзьве, ледзьве, ледзьве
Звініць высокі клён.
Заходзіць сонца мірна
За Несвіжскі раён.

I раптам, поўны ласкі,
Нібы малы ручэй,
Той голас галубіны
У душу тваю цячэ.

I ты успомніш нешта
I некага ў той час...
Фатографы на рынку
За дурняў лічаць нас.

Упруць гвалтоўна ў рукі
Вам пару галубкоў
З галінкамі, ялінкамі
I з надпісам «Любоў».

Пад галубкамі двое —
Прыгожыя ушчэнт,
Да моташнасці лютай...
Нахабны элемент!

Разбэшчаныя вусны:
Распусніца і хлюст.
Ад іх асоб падраных
Раздаўся лёгкі хруст...

Далей, далей ад рынку,
Туды, дзе спяць дубы!
Вы чулі, як вуркочуць
Лясныя галубы?

Смеласць

 

Бязгрэшным пальцам грозна торкаць
I балбатаць пра прынцыповасць...
Пра што крычыш, вядзеш гаворку,
Каго бічуеш гнеўным словам?
Хоць фактаў ведае нямала,
Але запал адразу гіне —
Бяжыць трушком у цемру залы:
А што там я? Няхай другія!

Чытаць пра іншых фельетоны,
Чужых дзяцей за вушы дзерці,
А ад сваіх... паўсвету стогне,
Крычаць і свішчуць, нібы чэрці.
Скрозь заклікаць усіх з запалам
На цаліну, на багну ехаць.
А сам убок, а сам памалу
У цёплы кут, далей ад грэху.

Гартаць на сон аповесць сябра,
Штурхаць у бок спакойны жонкі
I абурацца: «Жвачка! Швабра!»,
Заснуць, падмяўшы тлум старонкі,
Рашыўшы ўсё сказаць адкрыта...
— Ну, як, чытаў? Давай ацэну!
— Цудоўна, друг! (Эх, я не крытык!)
Перарабляй хутчэй для сцэны.

I так: на дні збаяцца тройчы,

Радзіме

 
1

Гады падыходзяць да станцыі «Сорак»,
Мільгаюць стаптаныя пожні...
Адным ганаруся, а іншага сорам,
Радасна і трывожна.

Шумлівыя пушчы, празрыстыя воды,
Радзіма, любоў мая светлая!
Заслуга малая, што я аднагодак,
Я кропля твая непрыкметная.

Да крокаў тваіх я імкнуўся прымерацца,
Наперад не лезучы гвалтам.
Ты столькі сцярпела, што проста не верыцца,
А колькі сыноў пахавала ты!

I гразь мясілі,
I ў бой хадзілі,
І ўладнай сіле
Радком кадзілі.

Я ведаў: жыццё — не пярына пуховая,
Ды верыў, што будзе лепей...
Нямала пачуццяў і думак пахована
У сэрцы, нібыта ў склепе.

Не познім раскаяннем і не папрокам
Няхай прагучыць маё слова.
Нам лётаць высока, ісці нам далёка,
Вучыцца на праўдзе суровай.

Гады п

Здарэнне ў гасцях

 

Я ў госці запрошан да важнага чына.
Адмовіцца нельга — сусед,
Адказны таварыш, грунтоўны мужчына
I крышку, гавораць, паэт.

Пакуль за сцяною раўняліся чаркі
I дзвэнкалі ціха нажы,
Сусед паказаў, так сказаць, гаспадарку:
Карціны, крышталь, стэлажы.

Зашклёныя, моцныя шафы да столі
З радамі тамоў залатых.
Дзівіліся госці. Маўчалі прыстойна.
Хвалілі абодвух Талстых.

Я ж бачыў: ніхто кніг ніколі не кратаў,
Стаяць проста так, для красы.
Мне раптам здалося, што ўбачыў я краты
I вязняў пачуў галасы.

Забыўся аб такце, не ўспомніў аб чыне,
Крычу проста ў вочы яму:
— Які ж вы адказны? Вы проста злачынец,
Зрабілі для кніжак турму.

I Пушкін, і Гогаль, і Горкі, і Чэхаў
Ірвуцца, як з камер, з паліц.
Вы што, смеяцёся? А ім не да смеху,
Іх сэрца аб волі баліць.

Прыстасаванцы

 

Станкоў не знаюць, араць не ўмеюць,
Да воза з гноем не йдуць і блізка.
Разумнае, вечнае, добрае сеюць
Між мас працоўных амаль з калыскі.

Закончаць нешта з тугой нацяжкай,
Запас прыдбаюць цытатаў розных.
Дзяцей у школе вучыць ім цяжка,
Лягчэй, выгодней вучыць дарослых.

Цытата з вока, цытата з вуха,
I зуб у роце блішчыць цытатай.
Глядзіш з сумненнем на сына-зуха —
Кім ён змайстрован? Наўрад ці татам.

Ідуць насустрач грашовай справе,
На пафас голы яны не клюнуць.
Маліцца будуць, калі ты ў славе,
Калі ты ў горы — з насмешкай плюнуць.

Разлік дакладны ды плюс удача,
Паклон начальству ды жартаў крышку
Глядзіш — і стаўка, а там і дача,
Грунтоўны базіс ашчаднай кніжкі.

I, ўладкаваўшыся адмыслова,
Чужыя думкі прыстойна крадуць.
Зусім забылі жывое слова

Верхалазы

 

Залаты агеньчык зваркі бліскаў
Недзе каля самых аблакоў.
Тэлемачту ўзводзілі над Мінскам
Верхалазы — зайздрасць хлапчукоў.

Мы за працу іх адчулі гордасць.
Хоць іх вочы не былі відны,
Толькі ўсе дзяўчаты зналі цвёрда:
Хлопцы ўсе прыгожыя яны.

Прадаўшчыцы ў тыя дні ў кіёсках
Менш газет і кніжак прадалі:
Папраўлялі модныя прычоскі,
Нібы зверху ўбачыць іх маглі.

А яны ў жалезныя карункі
Упляталі сонца і блакіт.
I хапалі весела іх рукі
За сівыя грывы аблакі.

Бачна ім, як хораша і бурна
Пачала сталіца расцвітаць.
Гэта вам не ўзлезці на трыбуну
I даклад аб росце прачытаць.

Там сады, а там дымяць заводы,
Там пралегла новых рэек ніць.
Мірны подзвіг нашага народа
З вышыні лягчэй ім ацаніць...

Вось і нам такія б далягляды,
Каб спявала кожны дзень душа...