Смеласць

 

Бязгрэшным пальцам грозна торкаць
I балбатаць пра прынцыповасць...
Пра што крычыш, вядзеш гаворку,
Каго бічуеш гнеўным словам?
Хоць фактаў ведае нямала,
Але запал адразу гіне —
Бяжыць трушком у цемру залы:
А што там я? Няхай другія!

Чытаць пра іншых фельетоны,
Чужых дзяцей за вушы дзерці,
А ад сваіх... паўсвету стогне,
Крычаць і свішчуць, нібы чэрці.
Скрозь заклікаць усіх з запалам
На цаліну, на багну ехаць.
А сам убок, а сам памалу
У цёплы кут, далей ад грэху.

Гартаць на сон аповесць сябра,
Штурхаць у бок спакойны жонкі
I абурацца: «Жвачка! Швабра!»,
Заснуць, падмяўшы тлум старонкі,
Рашыўшы ўсё сказаць адкрыта...
— Ну, як, чытаў? Давай ацэну!
— Цудоўна, друг! (Эх, я не крытык!)
Перарабляй хутчэй для сцэны.

I так: на дні збаяцца тройчы,
Разоў пятнаццаць памыліцца
I пазіраць сябрам у вочы,
Нібы на допыце ў міліцыі.
Раскаяўшыся, біць у грудзі
І спадзявацца баязліва,
Што ёсць і горш на свеце людзі,
А ён... ён проста нешчаслівы.

Куды падзелася ты, смеласць?
Не веру я, што знікла храбрасць,
Няўжо ў наш час яна здрабнела
Твая... мая... і многіх сябраў?
Калі хто ў гэтым вінаваты,
Хай у сваіх прамовах бурных
Не ўспамінае пра салдата,
Што лёг грудзьмі на амбразуру.