Трэснула, грукнула, грымнула з покатам...

 

Трэснула, грукнула, грымнула з покатам,
Хлынула цёплае неба на дол.
(Вось і сімфонію слухаем, покуль там
Творцы сядзяць над музычнай нудой.)

I бліскавіцы без нудных лічыльнікаў
Суткі ўсхвалёвана паляць сябе.
(Прыстасаванцы хаваюцца ў шчыліны,
Слон кабінетны трывожна сапе.)

Травы ачысцяцца, дрэвы памыюцца,
Лівень не зломіць іх — стануць дужэй.
(Кажуць, што крытыкі больш не памыляцца,
Бог беражонага не зберажэ.)

Я навальніцы люблю ачышчальныя,
Што працінаюць да донца душы.
(Кажуць, не прымуць больш касы ашчадныя
У сейфы свае махляроў барышы.)

Смолкай маланкай пупышкі палушчаны,
Свежа і зелена. Ясныя дні.
(Кажуць, што заўтра усе алілуйшчыкі
Выступяць супраць сваёй балбатні.)