Вы чулі, як вуркочуць
Лясныя галубы?
Трымцяць асіны ціха,
Спакойна спяць дубы.
I ледзьве, ледзьве, ледзьве
Звініць высокі клён.
Заходзіць сонца мірна
За Несвіжскі раён.
I раптам, поўны ласкі,
Нібы малы ручэй,
Той голас галубіны
У душу тваю цячэ.
I ты успомніш нешта
I некага ў той час...
Фатографы на рынку
За дурняў лічаць нас.
Упруць гвалтоўна ў рукі
Вам пару галубкоў
З галінкамі, ялінкамі
I з надпісам «Любоў».
Пад галубкамі двое —
Прыгожыя ушчэнт,
Да моташнасці лютай...
Нахабны элемент!
Разбэшчаныя вусны:
Распусніца і хлюст.
Ад іх асоб падраных
Раздаўся лёгкі хруст...
Далей, далей ад рынку,
Туды, дзе спяць дубы!
Вы чулі, як вуркочуць
Лясныя галубы?