Я ў госці запрошан да важнага чына.
Адмовіцца нельга — сусед,
Адказны таварыш, грунтоўны мужчына
I крышку, гавораць, паэт.
Пакуль за сцяною раўняліся чаркі
I дзвэнкалі ціха нажы,
Сусед паказаў, так сказаць, гаспадарку:
Карціны, крышталь, стэлажы.
Зашклёныя, моцныя шафы да столі
З радамі тамоў залатых.
Дзівіліся госці. Маўчалі прыстойна.
Хвалілі абодвух Талстых.
Я ж бачыў: ніхто кніг ніколі не кратаў,
Стаяць проста так, для красы.
Мне раптам здалося, што ўбачыў я краты
I вязняў пачуў галасы.
Забыўся аб такце, не ўспомніў аб чыне,
Крычу проста ў вочы яму:
— Які ж вы адказны? Вы проста злачынец,
Зрабілі для кніжак турму.
I Пушкін, і Гогаль, і Горкі, і Чэхаў
Ірвуцца, як з камер, з паліц.
Вы што, смеяцёся? А ім не да смеху,
Іх сэрца аб волі баліць.
Студэнты Ясеніна том не дасталі,
Скажыце, навошта ён вам?
Вы ж вершаў ніякіх нідзе не чыталі,
Апроч двухрадковых рэклам.
Вы толькі на хвілю замкі адамкніце —
I рынуцца ў гушчу людзей
I Данка, і ў скуру апрануты віцязь,
Мяцеліца і Качубей.
Вы шчыліну толькі зрабіце — і хлыне
У сэрцы людзей «Ціхі Дон».
Як гэтыя кнігі патрэбны краіне!
А ён мне ў адказ: «Што за тон?
Ты што, можа, п'яны, што ганьбіш мяне так?
Я грошы плаціў, брат, за іх.
Які ж будзе выгляд майго кабінета
Без шафаў дубовых, без кніг?»
...Начамі бяссоннымі сэрцы палілі
Стваральнікі сонечных кніг
Не дзеля таго, каб вы дома пылілі
Сваёй раўнадушнасцю іх.
Мірыцца з палонам дубовым не хочуць
Палкі навальнічныя слоў.
Патрэбны ім шчырыя сэрцы і вочы,
Людзей трапяткая любоў.