Прыстасаванцы

 

Станкоў не знаюць, араць не ўмеюць,
Да воза з гноем не йдуць і блізка.
Разумнае, вечнае, добрае сеюць
Між мас працоўных амаль з калыскі.

Закончаць нешта з тугой нацяжкай,
Запас прыдбаюць цытатаў розных.
Дзяцей у школе вучыць ім цяжка,
Лягчэй, выгодней вучыць дарослых.

Цытата з вока, цытата з вуха,
I зуб у роце блішчыць цытатай.
Глядзіш з сумненнем на сына-зуха —
Кім ён змайстрован? Наўрад ці татам.

Ідуць насустрач грашовай справе,
На пафас голы яны не клюнуць.
Маліцца будуць, калі ты ў славе,
Калі ты ў горы — з насмешкай плюнуць.

Разлік дакладны ды плюс удача,
Паклон начальству ды жартаў крышку
Глядзіш — і стаўка, а там і дача,
Грунтоўны базіс ашчаднай кніжкі.

I, ўладкаваўшыся адмыслова,
Чужыя думкі прыстойна крадуць.
Зусім забылі жывое слова
I занядбалі людскую праўду.

Застылі твары кароўім лоем,
Нос падпірае тупая веліч.
Глядзяць з пагардай на ўсё малое,
Балбочуць нешта ды ружавеюць.

У цёплых ложках хіхікаць любяць
З наіўных дурняў, што ў вёску едуць, —
Кватэры трацяць, кар'еры губяць,
Збываюць танна свае «Пабеды».

Вялікай працай заняты людзі,
Пяюць у шчасці, ў бядзе бядуюць.
Прыстасаванцы ж б'юць гулка ў грудзі,
Крычаць — «гадуем...», крычаць — «будуем...».

Сярод народа такіх не многа,
Ды вельмі ж хітра яны нам шкодзяць.
Нам замінае вось гэта погань,
Як пыл дарожны ў цяжкім паходзе.

Іх распазнаюць людскія ночы,
Ні ў якіх норах ім не схавацца.
Мы гэта зробім, калі не хочам
Да прыстасаванцаў прыстасавацца.