Лівень...

 

Лівень.
Мыюцца трохтонкі,
Сіні пыл — на ўсе бакі.
I сядзяць, грызуць антонаўкі
На ганку дружбакі.

Дождж прасторы паласуе,
Ручаі ажно гудуць.
Пра якуюсьці красуню
Хлопцы гутарку вядуць.

«Што за стан яе дзявочы!
Ўсё аддам, каб прыгарнуць.
Ну, а вочы... Бачыў вочы?
Так і хочацца нырнуць».

«Вось такая сэрца спаліць,
Бо на травах, далібог,
Росы белыя ўскіпаюць
Ад яе гарачых ног...»

Я падслухаў выпадкова
I жаданне, і тугу;
І забыць цяпер іх словы
Пра дзяўчыну не магу.

Прыгажуняў сустракаю, —
А у нас іх, верце, шмат —
Проста мука: ну, якая
Прыдалася ім з дзяўчат?

Можа, гэта, можа, тая...
Хоць пакліч іх на мурог,
Каб зірнуць, як ускіпаюць
Росы белыя ад ног.