Верхалазы

 

Залаты агеньчык зваркі бліскаў
Недзе каля самых аблакоў.
Тэлемачту ўзводзілі над Мінскам
Верхалазы — зайздрасць хлапчукоў.

Мы за працу іх адчулі гордасць.
Хоць іх вочы не былі відны,
Толькі ўсе дзяўчаты зналі цвёрда:
Хлопцы ўсе прыгожыя яны.

Прадаўшчыцы ў тыя дні ў кіёсках
Менш газет і кніжак прадалі:
Папраўлялі модныя прычоскі,
Нібы зверху ўбачыць іх маглі.

А яны ў жалезныя карункі
Упляталі сонца і блакіт.
I хапалі весела іх рукі
За сівыя грывы аблакі.

Бачна ім, як хораша і бурна
Пачала сталіца расцвітаць.
Гэта вам не ўзлезці на трыбуну
I даклад аб росце прачытаць.

Там сады, а там дымяць заводы,
Там пралегла новых рэек ніць.
Мірны подзвіг нашага народа
З вышыні лягчэй ім ацаніць...

Вось і нам такія б далягляды,
Каб спявала кожны дзень душа...
Не магу цярпець я верхаглядаў,
Верхалазам — тысяча пашан.