1 Гады падыходзяць да станцыі «Сорак», Мільгаюць стаптаныя пожні... Адным ганаруся, а іншага сорам, Радасна і трывожна. Шумлівыя пушчы, празрыстыя воды, Радзіма, любоў мая светлая! Заслуга малая, што я аднагодак, Я кропля твая непрыкметная. Да крокаў тваіх я імкнуўся прымерацца, Наперад не лезучы гвалтам. Ты столькі сцярпела, што проста не верыцца, А колькі сыноў пахавала ты! I гразь мясілі, I ў бой хадзілі, І ўладнай сіле Радком кадзілі. Я ведаў: жыццё — не пярына пуховая, Ды верыў, што будзе лепей... Нямала пачуццяў і думак пахована У сэрцы, нібыта ў склепе. Не познім раскаяннем і не папрокам Няхай прагучыць маё слова. Нам лётаць высока, ісці нам далёка, Вучыцца на праўдзе суровай. Гады падыходзяць да станцыі «Сорак», А дзе ён, апошні мой вырай? I сэрца адкрыта усмешкам і зорам, I песні складаюцца шчыра. 2 Дзяўчына падмане — памучыцца сэрца ды сцерпіць, Разыдзешся з другам — балюча, ды час перамеле; А вось калі вера ў бацьку загіне у сэрцы — На хвілю змярцвееш і чорнымі стануць праменні. У хвілю такую слюнцяя ахопіць нявер'е, Другога ў адчаі азызлыя п'яніцы спояць... А восень страсае сваё залацістае пер'е На боль, на раздум'е, на гэту маленькую споведзь. Не страчаны мары. Хто кажа, што мы пастарэлі? Мы сталымі сталі, Мы проста душой падабрэлі, Радзіма, не нам У вялікім паходзе хіліцца, Мы многа зрабілі, нам ёсць чым цяпер пахваліцца. Ды толькі мы шчыра дамовімся сёння з табою — Свае імяніны сустрэнем мы не пахвальбою. Мы станем удвух пры дарозе ля белай бярозы, Успомнім маленства, успомнім і радасць, і гора; I ціха, ціхутка, каб з голля не падалі росы, Пра нашы дарогі, пра заўтрашні дзень пагаворым.