Ускраіны
Яблычны, бэзавы пах ускраін...
Учэпісты і працавіты народ
Яго і каралі,
I дакаралі,
I везлі вёскі яму свой мёд.
Прытулак студэнтаў неўладкаваных,
Гарачыя печы,
Салодкі чад.
Рай гандлярак
I рай закаханых,
Запаведнік ружоватварых дзяўчат...
Ускраіны прачынаюцца рана
Пад цёплым бокам
Завадскіх карпусоў.
А потым прыходзяць
Цыбатыя краны,
Прынюхваюцца да маленькіх садоў.
А там
I пазяхнуць не паспееш,
Не паспее сляза
Скаціцца з павек,
Цябе ўжо чакае высокі паверх,
Хоць сонца садок твой пакінуты спеліць.
З мінулым
Ірвуцца спрадвечныя ніткі,
Сціраецца ціхі і звычны след.
Сумуе жанчына над газавай пліткай:
Дзе той сад?
I дзе той сусед?
Ускраіны поўняцца грукатам, гулам,
Горад высунуўся
За небакрай.
Жыццё старонку перагарнула,
I знік навекі драўляны рай.
Баравіна
У кожнага быць павінна
Свая баравіна.
Дзе трымаюць на зялёных руках
Сосны
Самае зыркае сонца.
Убачу заўсёды
Са стэпу і мора
Вышыньку
Роднага бору.
Дзе б я ні быў —
Баравіна са мной.
Хоць аднойчы за лета
Мне трэба
Паляжаць пад высокай сасной,
Парадніць вочы з небам.
Блакітны верас,
Баравікі
Пахнуць маленствам заўсёды.
Тут ваявалі
Мае дружбакі
У партызанскія годы.
Вецер, табе пагусці пара
У сонечных верхавінах...
Каму сіні стэп,
Каму гара.
А мне мая баравіна —
Маленства майго краіна.
Бедуіны
Бачыў я ў Афрыцы каля Сахары,
Як спрытна вярблюдзіц даілі
З гордасцю непрыступнай на твары
Чорныя бедуіны.
Здаецца, бяда:
Спякота,
Пустыня,
Гнеўнае сонца,
Пыл.
Вятры гарачыя і густыя
Гудуць,
Як тэлефонныя слупы.
А ў бедуінаў
З пустыняй
I злітнасць, і роднасць.
Як у нас з нізінамі і далінамі...
Мы не ў Сахары,
Ды выпаўзае мода
Быць тубыльнымі бедуінамі.
Пакінуў жонку,
Жонка пакінула,
Суседзі дачу будуюць —
Крах... Катастрофа...
Планета загінула...
Нашы бедуіны бядуюць.
Не дасталі махеру
Ці нейкай дублёнкі,
Не прыслалі машыну,
Каб з’ездзіць на рынак, —
Забедуінілі
Нейчыя жонкі.
Вы чулі плач бедуінак?
Паслухалі хітры замежны голас,
Прагная зайздрасць
Дурных прыдавіла:
«Ні кока-колы.
Ні жвачкі.
Гола...» —
Шэпчуць цішком бедуіны.
Нашы песні
Песні мы свае не самі выбралі,
Рытмы не ў чужых краях знайшлі.
Ды мармычуць многія верлібрамі
На маёй на песеннай зямлі.
Не хачу, як лапаць той разбэрсаны,
Тупаць з раскудлачанымі вершамі,
З пустазеллем каля жытніх баразён.
Нашы песні дышуць праўдай, вернасцю,
Нашы песні пахнуць жытам, верасам,
І не заглушыць іх чысты звон.
Вецер грукнуў форткай...
Вецер грукнуў форткай.
Прабудзіся.
Пачалося восені выццё.
Калі можаш абысціся —
Абыдзіся
Без жабрацкай скаргі на жыццё.
Што з таго, што ў нечым ты раскаешся.
Спавядальна ў грудзі патаўчэш?
Ад сябе самога не схаваешся,
Ад сябе самога не ўцячэш.
Лёгка мы сабе грахі даруем,
Іншых б’ём з-за дробнае віны,
Ад малой няўдачы ўжо гаруем,
Забываем гора дзён вайны.
I, да блізкіх вельмі не ашчадныя,
Рэдка вымаўляем мы: «Прабач».
Веру я у слёзы ачышчальныя.
Веру ў добры дзень пасля няўдач.
Лістападу радуйся і снежню,
I вятрам асеннім і снягам.
I малая крыўда здасца смешнай,
I як слаўна жыць — адчуеш сам.
Гэта ўсё не штучная бадзёрасць,
Ісціну адну ты зразумей:
Тое, што здаецца нам будзённым,
Нібы свята, ўспомніцца пазней.
Вы начавалі над ракой на сініх паплавах?..
Вы начавалі над ракой на сініх паплавах? Я начаваў. I сенам пах маленства Млечны Шлях. Яшчэ ён пах тады расой, прытоенай слязой. Загадкі зорныя плылі маўкліва нада мной. Было і потым разгадаць жыццё мне не лягчэй — Бясконцы млечны шлях вачэй, жывых людскіх вачэй. Цяпер у зорную пару жыву я між лясоў. Шлях на мяне глядзіць вачмі загінуўшых сяброў... Было і ёсць ж
А мы ўжо як зімы сівыя...
А мы ўжо як зімы сівыя,
Апошняя свечка гарыць...
Не ўмею даваць чаявыя
I рэчы не ўмею дарыць.
Заўжды ад нахабства знямею,
Ад вершаў хлуслівых збягу.
Паэзіі не разумею
Ці праўду пазнаць не магу?
Не ўмею лісліва пад’ехаць,
Не ўмею прыкрыкнуць баском...
Радзей адгукаецца рэхам
Вайны тройчы сцішаны гром.
Адным зразумела і проста,
Як трэба для славы служыць.
А я па-салдацку сяброўствам
Умею яшчэ даражыць.
Адзін за другога нам легчы
Не страшна было на вайне.
I зараз мне б толькі дабегчы
Да тых, хто пакліча мяне.
Вяртанне
Дзе начуе жаўранак,
Скажыце,
Ці на лёгкім воблаку,
Ці ў жыце?
Запытаўся некага
Я ўранні...
Гэта пачалося ўжо
Вяртанне.
Праз жыццё,
Удачы і няўдачы,
Да палёў,
Духмяных і гарачых.
Праз вайны
Задымленыя росы
Да гадоў,
Даверлівых і босых.
Не засумаваў,
Не зажурыўся —
У дзіцячы пах травы
Зарыўся.
Дзе начуе жаўранак,
Скажыце,
Ці на лёгкім воблаку,
Ці ў жыце?
Запытаўся,
Ды ніхто не чуе...
Пэўна, ў сэрцы
Жаўранак начуе.
Там, дзе ўмоўная конская сіла...
Там, дзе ўмоўная конская сіла,
Умоўная шклянка віна
I ўмоўнае паліва,
Хоць бухгалтарам гэта міла
I не лічбаў у тым віна, —
Там паэзіі ані каліва.