Вецер грукнуў форткай.
Прабудзіся.
Пачалося восені выццё.
Калі можаш абысціся —
Абыдзіся
Без жабрацкай скаргі на жыццё.
Што з таго, што ў нечым ты раскаешся.
Спавядальна ў грудзі патаўчэш?
Ад сябе самога не схаваешся,
Ад сябе самога не ўцячэш.
Лёгка мы сабе грахі даруем,
Іншых б’ём з-за дробнае віны,
Ад малой няўдачы ўжо гаруем,
Забываем гора дзён вайны.
I, да блізкіх вельмі не ашчадныя,
Рэдка вымаўляем мы: «Прабач».
Веру я у слёзы ачышчальныя.
Веру ў добры дзень пасля няўдач.
Лістападу радуйся і снежню,
I вятрам асеннім і снягам.
I малая крыўда здасца смешнай,
I як слаўна жыць — адчуеш сам.
Гэта ўсё не штучная бадзёрасць,
Ісціну адну ты зразумей:
Тое, што здаецца нам будзённым,
Нібы свята, ўспомніцца пазней.