А мы ўжо як зімы сівыя,
Апошняя свечка гарыць...
Не ўмею даваць чаявыя
I рэчы не ўмею дарыць.
Заўжды ад нахабства знямею,
Ад вершаў хлуслівых збягу.
Паэзіі не разумею
Ці праўду пазнаць не магу?
Не ўмею лісліва пад’ехаць,
Не ўмею прыкрыкнуць баском...
Радзей адгукаецца рэхам
Вайны тройчы сцішаны гром.
Адным зразумела і проста,
Як трэба для славы служыць.
А я па-салдацку сяброўствам
Умею яшчэ даражыць.
Адзін за другога нам легчы
Не страшна было на вайне.
I зараз мне б толькі дабегчы
Да тых, хто пакліча мяне.