Бачыў я ў Афрыцы каля Сахары,
Як спрытна вярблюдзіц даілі
З гордасцю непрыступнай на твары
Чорныя бедуіны.
Здаецца, бяда:
Спякота,
Пустыня,
Гнеўнае сонца,
Пыл.
Вятры гарачыя і густыя
Гудуць,
Як тэлефонныя слупы.
А ў бедуінаў
З пустыняй
I злітнасць, і роднасць.
Як у нас з нізінамі і далінамі...
Мы не ў Сахары,
Ды выпаўзае мода
Быць тубыльнымі бедуінамі.
Пакінуў жонку,
Жонка пакінула,
Суседзі дачу будуюць —
Крах... Катастрофа...
Планета загінула...
Нашы бедуіны бядуюць.
Не дасталі махеру
Ці нейкай дублёнкі,
Не прыслалі машыну,
Каб з’ездзіць на рынак, —
Забедуінілі
Нейчыя жонкі.
Вы чулі плач бедуінак?
Паслухалі хітры замежны голас,
Прагная зайздрасць
Дурных прыдавіла:
«Ні кока-колы.
Ні жвачкі.
Гола...» —
Шэпчуць цішком бедуіны.
У мяне прыяцель калісьці быў,
Слёзна бажыўся,
Што будзе іншым.
А потым ізноўку
Горка запіў.
Бедуінчык.
Бедуінам сапраўдным
I пустыня — казырная карта,
У іх разумныя кемныя твары...
А нашых бедуінаў
I бедуінак смаркатых
Я паслаў бы
Павандраваць
Па Сахары.
I падаіць
Вярблюдзіц.