Яблычны, бэзавы пах ускраін...
Учэпісты і працавіты народ
Яго і каралі,
I дакаралі,
I везлі вёскі яму свой мёд.
Прытулак студэнтаў неўладкаваных,
Гарачыя печы,
Салодкі чад.
Рай гандлярак
I рай закаханых,
Запаведнік ружоватварых дзяўчат...
Ускраіны прачынаюцца рана
Пад цёплым бокам
Завадскіх карпусоў.
А потым прыходзяць
Цыбатыя краны,
Прынюхваюцца да маленькіх садоў.
А там
I пазяхнуць не паспееш,
Не паспее сляза
Скаціцца з павек,
Цябе ўжо чакае высокі паверх,
Хоць сонца садок твой пакінуты спеліць.
З мінулым
Ірвуцца спрадвечныя ніткі,
Сціраецца ціхі і звычны след.
Сумуе жанчына над газавай пліткай:
Дзе той сад?
I дзе той сусед?
Ускраіны поўняцца грукатам, гулам,
Горад высунуўся
За небакрай.
Жыццё старонку перагарнула,
I знік навекі драўляны рай.