Вы начавалі над ракой на сініх паплавах? Я начаваў. I сенам пах маленства Млечны Шлях. Яшчэ ён пах тады расой, прытоенай слязой. Загадкі зорныя плылі маўкліва нада мной. Было і потым разгадаць жыццё мне не лягчэй — Бясконцы млечны шлях вачэй, жывых людскіх вачэй. Цяпер у зорную пару жыву я між лясоў. Шлях на мяне глядзіць вачмі загінуўшых сяброў... Было і ёсць жыццё ў мяне, а будзе непазбежнасць. Пара адкінуць мітусню і вечную паспешнасць. Пара, пара прыйшла і мне не коўзацца, не зыбацца. Сцвярджае век: ты чалавек — не страх, не крах, не прах... А з вышыні ўсю ноч на лес і на мяне ўсё сыплецца Трывожны ціхі зорны дождж, журботны Млечны Шлях.