Дзе начуе жаўранак,
Скажыце,
Ці на лёгкім воблаку,
Ці ў жыце?
Запытаўся некага
Я ўранні...
Гэта пачалося ўжо
Вяртанне.
Праз жыццё,
Удачы і няўдачы,
Да палёў,
Духмяных і гарачых.
Праз вайны
Задымленыя росы
Да гадоў,
Даверлівых і босых.
Не засумаваў,
Не зажурыўся —
У дзіцячы пах травы
Зарыўся.
Дзе начуе жаўранак,
Скажыце,
Ці на лёгкім воблаку,
Ці ў жыце?
Запытаўся,
Ды ніхто не чуе...
Пэўна, ў сэрцы
Жаўранак начуе.