У кожнага быць павінна
Свая баравіна.
Дзе трымаюць на зялёных руках
Сосны
Самае зыркае сонца.
Убачу заўсёды
Са стэпу і мора
Вышыньку
Роднага бору.
Дзе б я ні быў —
Баравіна са мной.
Хоць аднойчы за лета
Мне трэба
Паляжаць пад высокай сасной,
Парадніць вочы з небам.
Блакітны верас,
Баравікі
Пахнуць маленствам заўсёды.
Тут ваявалі
Мае дружбакі
У партызанскія годы.
Вецер, табе пагусці пара
У сонечных верхавінах...
Каму сіні стэп,
Каму гара.
А мне мая баравіна —
Маленства майго краіна.