Чорныя марскія ночы...
Чорныя марскія ночы,
Маякі далёкіх зораў...
Ты згубіла сёння вочы
У праклятым гэтым моры.
I стаіш цяпер сляпая,
I зусім, зусім не бачыш,
Як на сэрцы закіпаюць
Ад пакуты хвалі плачу.
Я гатоў плячо падкласці
Пад руку тваю, нябога,
Для мяне было б за шчасце
Весці гэткага сляпога.
З бессардэчнасцю дзявочай
Ты маўчыш, і нешта тоіш,
I, напэўна, доўга хочаш
Жыць з такою слепатою.
На моры
Так загуста насыпана месяцаў
У бяздонную прорву вод,
Што не пройдзе ніяк, не памесціцца
Сярод гэтых вод параход.
Параход гарбузы залатыя
Падмінае, і давіць, і вые
У свой чорны трывожны гудок.
То не пенныя грывы сівыя
Валакуцца за параходам,
Гэта жоўтая сцежка на водах:
Маладзіковы сок.
Дождж
Патонулі птушкі у дрэвах, Як тонуць рыбы у водах. I вецер справа налева Шпурнуў на сад непагоду. Расхрыстаныя ігрушы Збіраліся запярэчыць, А вецер хмару абрушыў На іх зялёныя плечы. Праў дождж: спачатку па нітцы, А потым так горача жарнуў — Здалося, ссыпаюць пшаніцу На ток з мяхоў велізарных. Ад ярасці гром разрываўся, Нібыта на нейкай вайне быў. Цярпеў я, цярпеў — раззлаваўся: «Заткніце дзіравае неба!» I змоўкла. Запахла навокал Зялёным, салодкім і едкім. Раскіданы ў небе глыбокім Развараных хмараў аб'едкі. Трасу дажджасховішча птушак: Адбой у зялёнай сялібе! Ляціце, крылатыя душы, Спявайце, крылатыя душы! I грымнуў вясёлы выбух Птушак, пладоў і расы.
Дэмавенд, галоўная гара іранцаў
Так засыпле снегам, так пасвенціць,
Што да ніткі вымакнеш, і ўсё ж
Успамін аб гэтым Дэмавендзе
Павязеш на Прыпяць і на Сож.
На зямлі Афіны ёсць і Вены.
Ні Афін не бачыў я, ні Вен,
Гэтыя радкі мае навеяны
Цёплаю гарою Дэмавенд.
Цэлы дзень тугой мяне гняло,
А прыйшоў сюды — рукой зняло.
Можа, не рукою, а ракою,
Можа, старажытным супакоем,
Тут, ля верхавіны Дэмавенда,
Прызнаюся: гэтага не ведаў.
Пазірнеш уніз, у прорву зверху —
Хвалямі рудымі горны вэрхал.
Дзякуй, божа! Слаўна замясіў
Гэты неаформлены масіў.
Спецыяльна вылепіў для нас
Новую кватэру пад Парнас.
Тут прастор для галасістых бардаў —
Слухаюць ласі і леапарды.
Пра каханне вершы дужым басам
Можна для арлоў чытаць і барсаў.
Тут, калі дыскусія, то з громам,
А калі схалтурыў — прэч з гары.
Караван
Хвала табе, моцны салдацкі сон
Без недарэчных сноў!
Мяне разбудзіў невыразны звон
Глухіх і сумных званоў.
У вузкіх цяснінах — блакітны дым,
На горах — ружовы дым.
За першым, галоўным, сівым і рудым,
Цягнуліся верблюды.
I гэтак журботна глядзелі іх вочы,
I гэтак стаміліся іх гарбы.
Здалося: яны без спачыну крочаць
З эпохі Кіра ў нябыт.
Вядзе караваншчык — стары чалавек —
Чужы караван у Мекку
Па жоўтай пустыні
Без дрэў і без рэк, —
Шкада чалавека.
Да Меккі ён дойдзе,
А шчасця не знойдзе...
Няўжо гэта хлусяць, што створаны радыё
I самалёты?
I сумна кажу я:
«Ранак мой мінскі, прыйдзі і узрадавай
Хоць на гадзіну зямлю чужую.
Над Сожам і Прыпяццю сёння збяры
Пах мяты і хвоі
I пух зары.
Прынясі у чырвоных сюды прасцірадлах
Птушак наднёманскіх галасы,
Збіраліся чорныя, гарбаносыя...
Збіраліся чорныя, гарбаносыя,
Цягнулі з сабою сірот і ўдоў усіх,
Гора і слёзы свае выносілі
На старажытную плошчу Фірдоусі.
I гул нарастаць стаў, нібы пры абвале,
I чырвань сцягоў пачала разгарацца.
Рысу і працы патрабавалі
Дзесяць тысяч галодных іранцаў.
Коні жандараў хрыпелі у пене.
Завулкі чакалі ад выбухаў пошчаку,
I самі прасіліся ў рукі каменні
З раздаўленай гневам і ярасцю плошчы.
Апяваў Адам Міцкевіч стэпаў даль пад Акерманам...
Апяваў Адам Міцкевіч стэпаў даль пад Акерманам,
Геній Пушкіна праславіў горы сінія ў тумане.
Да вялікіх мне далёка, я за імі не цягнуся.
Толькі хочацца мне вершы напісаць для Беларусі:
Пра заморскія прасторы, пра чужыя гарады,
Пра зямлю, дзе мы служылі ў неспакойныя гады.
Я адважыўся, нікчэмны, сетку рыфмаў ціха плесці
Пра Іран, краіну гораў, каб у сетцы той завезці
Хоць кавалак сонца поўдня у палескую краіну,
Спёку жоўтую пустыні, пах айвы і апельсінаў.
Раскажу, як караваны сумным звонам будзяць горы,
Як вязуць яны у Мекку на гарбах людское гора;
Як на вуліцах жабрачаць дзеці бедныя Ірана,
Як на горах дзікіх скачуць крутарогія джайраны.
Я тут жыў, здаецца, вечнасць, еў лаваш і вінаград,
Палюбіў арыкаў плёскат, пахкі персікавы сад,
Як шаблямі, на часткі...
Як шаблямі, на часткі
Ля горнае ракі
Сякуць крыламі ластаўкі
Распалены блакіт.
Чайханшчык сонным вокам
Глядзіць, як наш баец
Па мосце рэдкім крокам
Ідзе з канца ў канец.
Ідзе, чапляе сонца
Навостраным штыком.
Паветра пахне сочным
Казліным шашлыком.
I гэты пах тубыльны
Злуе байца.
Нясе
Яго ўспамін пад Вільню,
Дзе травы у расе,
Дзе хвоі над крыніцай
Лагодна так гудуць,
Дзе з малаком чарніцы
Увечары ядуць.
Пад'яжджаючы да Мiнска...
Сягоння з апошнiм вайсковым бiлетам
Дадому, дахаты са службы я еду.
I вецер дняпроўскi задзьмухаў старанна
З маёй гiмнасцёркi пылiнкi Iрана.
На мяккай пасцелi ў купэ не ляжыцца:
«Цi шмат яшчэ вёрстаў да Мiнска, скажыце?» —
Пытаю наiўна у нейкага дзеда,
Хоць ведаю добра: не першы раз еду.
А дзед гаваркi i рахманы. Адразу
Ён шчодра сыпнуў мне станцыйныя назвы:
«Вось зараз пад'едзем да горада Оршы».
I Орша здаецца за Вену не горшай.
«Далей будзе цiхая станцыя Слаўнае... »
Вядома, тут кожная станцыя слаўная.
Якiя знаёмыя назвы i словы,
Якая цудоўная родная мова!
I ўсё мiлагучна для слыху майго:
I звонкае «дзе», i густое «чаго».
*
Стаю ля акна, у цішы калідора,
Са мной размаўляюць аршанскія зоры.
Цягнік атакуе начная дуброва,
Дубы мне гамоняць: «Здарова! Здарова!»
Кожнае дробнае шкельца марыць іскрыцца сонцам...
Кожнае дробнае шкельца марыць іскрыцца сонцам, Кожны мізэрны ручай верыць, што стане ракой... Вера мая у шчасце, стань для мяне бясконцай. Песня, любоў і нянавісць, будзьце заўсёды са мной. Сонца закоціцца — шкельца не адшукаеш у змроку. Прагны пясок засмокча светлы і звонкі ручай. Ёсць і такія, што любяць, сыта пад'еўшы, галёкаць: «Слава хвіліне шчасця! Потым няхай і адчай». Не, не ручай і не школьца будуць маёю мэтай. Сытая хвіля шчасця, сэрца майго не крані! Калі ракой, — то такою, каб напаіць палеткі, Калі гарэць, — дык, як сонца, горача, да труны.
Дружа повар, кансерваў годзе!..
Дружа повар, кансерваў годзе!
Напячы пірагоў на мёдзе —
Адсвяткуем нашы дажынкі.
Першы раз на маім мінамёце
Мірна свецяцца тры дажджынкі.
Першы раз самалёт праплывае
Без тарпед над лясамі.
Першы раз салаўі спяваюць
Даваеннымі галасамі...
Кідай грошы апошнія, хлопцы,
У маю пілотку!
Купім сёння па добрай стопцы,
Каб абмыць пыл і копаць з глотак.
I калі ад чарчыны лішняй
Стане сонца скакаць на небе,
I калі пра чарэшню-вішню
Заспяваем гучней чым трэба, —
Аніхто крыўды мець не будзе:
Гэта нам абяцалі у песні.
Сёння зноў мы — мірныя людзі
I ідзём не ў Берлін — на Палессе.
Перш чым выправіцца дадому,
У апошні паход салдацкі,
Нам з вайною па-франтавому
Трэба горача развітацца.