Патонулі птушкі у дрэвах,
Як тонуць рыбы у водах.
I вецер справа налева
Шпурнуў на сад непагоду.
Расхрыстаныя ігрушы
Збіраліся запярэчыць,
А вецер хмару абрушыў
На іх зялёныя плечы.
Праў дождж: спачатку па нітцы,
А потым так горача жарнуў —
Здалося, ссыпаюць пшаніцу
На ток з мяхоў велізарных.
Ад ярасці гром разрываўся,
Нібыта на нейкай вайне быў.
Цярпеў я,
цярпеў — раззлаваўся:
«Заткніце дзіравае неба!»
I змоўкла. Запахла навокал
Зялёным, салодкім і едкім.
Раскіданы ў небе глыбокім
Развараных хмараў аб'едкі.
Трасу дажджасховішча птушак:
Адбой у зялёнай сялібе!
Ляціце, крылатыя душы,
Спявайце, крылатыя душы!
I грымнуў вясёлы выбух
Птушак, пладоў і расы.