Так засыпле снегам, так пасвенціць,
Што да ніткі вымакнеш, і ўсё ж
Успамін аб гэтым Дэмавендзе
Павязеш на Прыпяць і на Сож.
На зямлі Афіны ёсць і Вены.
Ні Афін не бачыў я, ні Вен,
Гэтыя радкі мае навеяны
Цёплаю гарою Дэмавенд.
Цэлы дзень тугой мяне гняло,
А прыйшоў сюды — рукой зняло.
Можа, не рукою, а ракою,
Можа, старажытным супакоем,
Тут, ля верхавіны Дэмавенда,
Прызнаюся: гэтага не ведаў.
Пазірнеш уніз, у прорву зверху —
Хвалямі рудымі горны вэрхал.
Дзякуй, божа! Слаўна замясіў
Гэты неаформлены масіў.
Спецыяльна вылепіў для нас
Новую кватэру пад Парнас.
Тут прастор для галасістых бардаў —
Слухаюць ласі і леапарды.
Пра каханне вершы дужым басам
Можна для арлоў чытаць і барсаў.
Тут, калі дыскусія, то з громам,
А калі схалтурыў — прэч з гары.
I пісацьмем вершы не пяром мы, —
Кіпарысам на лістах зары.
Скончыўшы высокія адведзіны,
Я паклаў Вялікую Мядзведзіцу
Спаць на верхавіну Дэмавендзіну.
Спі, засні, Мядзведзіца, ледзь-ледзь
Я таксама не малы мядзведзь.
Нам бы згаварыцца, падружыць,
Ды спяшу ў нізіну: позні час.
Ну, а ты, шматвокая, ляжы,
Беражы персідскі мой Парнас.