Караван

 

Хвала табе, моцны салдацкі сон
Без недарэчных сноў!
Мяне разбудзіў невыразны звон
Глухіх і сумных званоў.
У вузкіх цяснінах — блакітны дым,
На горах — ружовы дым.
За першым, галоўным, сівым і рудым,
Цягнуліся верблюды.
I гэтак журботна глядзелі іх вочы,
I гэтак стаміліся іх гарбы.
Здалося: яны без спачыну крочаць
З эпохі Кіра ў нябыт.
Вядзе караваншчык — стары чалавек —
Чужы караван у Мекку
Па жоўтай пустыні
Без дрэў і без рэк, —
Шкада чалавека.
Да Меккі ён дойдзе,
А шчасця не знойдзе...
Няўжо гэта хлусяць, што створаны радыё
I самалёты?
I сумна кажу я:
«Ранак мой мінскі, прыйдзі і узрадавай
Хоць на гадзіну зямлю чужую.
Над Сожам і Прыпяццю сёння збяры
Пах мяты і хвоі
I пух зары.
Прынясі у чырвоных сюды прасцірадлах
Птушак наднёманскіх галасы,
А пустыню засей чыстым зернем расы, —
Мо палягчэе беднай старонцы,
Можа, сасніць караваншчык сівы,
Што недзе над Мінскам,
Пад самым сонцам,
Пра шчасце курлыкаюць журавы».