Апяваў Адам Міцкевіч стэпаў даль пад Акерманам,
Геній Пушкіна праславіў горы сінія ў тумане.
Да вялікіх мне далёка, я за імі не цягнуся.
Толькі хочацца мне вершы напісаць для Беларусі:
Пра заморскія прасторы, пра чужыя гарады,
Пра зямлю, дзе мы служылі ў неспакойныя гады.
Я адважыўся, нікчэмны, сетку рыфмаў ціха плесці
Пра Іран, краіну гораў, каб у сетцы той завезці
Хоць кавалак сонца поўдня у палескую краіну,
Спёку жоўтую пустыні, пах айвы і апельсінаў.
Раскажу, як караваны сумным звонам будзяць горы,
Як вязуць яны у Мекку на гарбах людское гора;
Як на вуліцах жабрачаць дзеці бедныя Ірана,
Як на горах дзікіх скачуць крутарогія джайраны.
Я тут жыў, здаецца, вечнасць, еў лаваш і вінаград,
Палюбіў арыкаў плёскат, пахкі персікавы сад,
Дзе удоды балбаталі на замежнай нейкай мове,
Дзе іранцы частавалі нас віном і тлустым пловам.
Дзесяць воблакаў над намі млелі ў небе перагрэтым.
Іх блакітнымі слупамі падпіралі мінарэты.
На блакітных мінарэтах галасілі муэдзіны...
Я падумаў: тут пачатак старажытных казак дзіўных.
Напісаць праўдзівы дзённік я адважыўся тады
Пра зямлю, дзе мы служылі ў неспакойныя гады.