Як шаблямі, на часткі
Ля горнае ракі
Сякуць крыламі ластаўкі
Распалены блакіт.
Чайханшчык сонным вокам
Глядзіць, як наш баец
Па мосце рэдкім крокам
Ідзе з канца ў канец.
Ідзе, чапляе сонца
Навостраным штыком.
Паветра пахне сочным
Казліным шашлыком.
I гэты пах тубыльны
Злуе байца.
Нясе
Яго ўспамін пад Вільню,
Дзе травы у расе,
Дзе хвоі над крыніцай
Лагодна так гудуць,
Дзе з малаком чарніцы
Увечары ядуць.