Дружа повар, кансерваў годзе!..

 

Дружа повар, кансерваў годзе!
Напячы пірагоў на мёдзе —
Адсвяткуем нашы дажынкі.
Першы раз на маім мінамёце
Мірна свецяцца тры дажджынкі.

Першы раз самалёт праплывае
Без тарпед над лясамі.
Першы раз салаўі спяваюць
Даваеннымі галасамі...

Кідай грошы апошнія, хлопцы,
У маю пілотку!
Купім сёння па добрай стопцы,
Каб абмыць пыл і копаць з глотак.

I калі ад чарчыны лішняй
Стане сонца скакаць на небе,
I калі пра чарэшню-вішню
Заспяваем гучней чым трэба, —

Аніхто крыўды мець не будзе:
Гэта нам абяцалі у песні.
Сёння зноў мы — мірныя людзі
I ідзём не ў Берлін — на Палессе.

Перш чым выправіцца дадому,
У апошні паход салдацкі,
Нам з вайною па-франтавому
Трэба горача развітацца.