1971

Ілюзіі, ілюзіі...

 

Ілюзіі, ілюзіі...
Як густа вы наслоены!
Травы не бачу ў лузе я,
Хаджу занепакоены.

Сады. Сланечнік з макам.
Кругом асабнякі.
Не сенам — пухам мяккім
Набіты сеннікі.

Мяшчанства атлусцелае
I тук, і сок тут чэрпае.
I думаю дзень цэлы я
Пра гэта племя чэрствае.

Пра іх няпраўды вечныя,
Што праўдай прытвараюцца.
Тут справы чалавечыя
У смех ператвараюцца.

Тут баязліўцы хцівыя
Глядзяць на нас героямі.
Халтуршчыкі пачцівыя
Сігнуць уверх настроены.

Ці не зашмат надзьмутага,
Бязлітаснага, прагнага?
Уласнасць каламутная
Засмокча многіх багнаю.

Я ім не прапаноўваю
Нішчымныя пайкі...
Каб жыў народ па-новаму,
На смерць ішлі палкі.

Мае гады — не лёгкі пух,
Даўно юнацтва страчана...
А ўсё было: і луг, і друг,
I галасы дзіцячыя.

Беларускія шрыфты

 

Мы адступалі з Бранскага паспешна,
Машыны буксавалі у гразі,
I навісала тая непазбежнасць,
Калі ці памірай, ці дрот грызі.

I трэба ж нам было перавярнуцца,
Шрыфты, вярстаткі — у начную гразь.
А ў Мінск за імі нельга нам вярнуцца...
Крычым: «Аб’едзь ці на падмогу злазь».

Няхай шафёры крыюць хрыплым матам,
I цягнецца там хтось да кабуры,
А ты на плашч-палаткі, як зярняткі,
Ўсё да апошняй літары, збяры.

Асенні вецер звар'яцела гойсаў,
Пякло душу: «Няўжо не давязём?»
I рускі наш таварыш Віктар Гольцаў
Мачаў далоні ў тлусты чарназём.

Сабралі, і давезлі, і адмылі ўсё
Старанна газай
Для наборных кас,
I ў Беларусь, дзе ўся зямля дымілася,
Газета наша даляцела ў час.

Шлёнскі танец

 

Пер’е на шахцёрскіх чорных шапках,
Полымя шугае з труб аркестра.
Топні ножкай, Зося,
Выгні лапку.
Крутаніся. Так. Зусім не кепска.

Шлёнскі танец, ён такі стракаты.
Горды, звонкі, трошкі цырымонны,
Россыпам рассыпаны дзяўчаты
Горных эдэльвейсаў ці рамонак.

Ён такі фігурны, выгінасты,
Віхравы і раптам аж самлелы.
Стукаюць абцасы часта-часта,
Аж душа, як вугаль, засмылела...

Вунь Бяскіды, а вунь там Судэты.
Пахне сонцам і апалым лісцем.
Як тут слаўна!
Дык чаму ж дагэтуль
Сэрца ные, ные, як калісьці?

Бо адгэтуль у крыві і дыме
Наша з вамі гора пачалося.
Глівіцэ!
Вы чулі гэта імя?
...Там жыве і скача панна Зося.