1947

На канцэрце хору Р. Шырмы

 

На хвіліну заплюшчы вочы —
Ціха-ціха сасна задрыжыць,
I журботны голас дзявочы
Над табой пачынае кружыць.

Потым хлынуць у цёмную залу
Вадаспады лістоў і зарніц,
Сініх рэчак цёплыя хвалі,
Звон наднёманскіх навальніц.

А пасля басавітыя громы
Прагрукочуць, як гінуў «Вараг»,
Горды, мужны, непакароны,
У сляпых акіянскіх вірах.

I калі утаймуюцца людзі,
Змоўкнуць воплескаў перуны, —
Зноўку сэрца тваё разбудзіць
Гул вясёлы цымбальнай струны.

Дык хутчэй жа расплюшчы вочы:
У «Лявонісе» — пазірні —
Трапяткія вясёлкі сарочак
I віхор каляровых спадніц.

Ці ў маленства вярнуўся, ці ў сне я?
Тут да болю мне роднае ўсё.
Так скакаць могуць толькі жнеі
I касцы з беларускіх сёл.

На Пулкаўскіх вышынях

 

На Пулкаўскіх вышынях — цішыня.
Героі спяць у могілках-акопах.
Тут у пустыя трубы тэлескопаў
Глядзіць сузор'е сіняе да дня.
Яно прывыкла бачыць штоначы
Праз шкло — жывое вока астранома,
Якому звычкі зор усіх вядомы
I таямніцу можна даручыць.
Сузор'е над руінамі вісіць
Самотнае. I хто раскажа зорам,
Што быў тут вораг, што імкнуўся вораг
Не толькі вока — шчасце пагасіць.
Героі спяць. Мо перад смерцю ім
Хацелася і цішыні, і зораў
На тым мерыдыяне, за каторы
Яны палеглі. Чэсць і слава ім!
А днём тут — цесляры і кавалі.
Славуты дом адродзяць ленінградцы,
I хутка, хутка зоры загарацца...
У воку астранома, як калісь.