На канцэрце хору Р. Шырмы

 

На хвіліну заплюшчы вочы —
Ціха-ціха сасна задрыжыць,
I журботны голас дзявочы
Над табой пачынае кружыць.

Потым хлынуць у цёмную залу
Вадаспады лістоў і зарніц,
Сініх рэчак цёплыя хвалі,
Звон наднёманскіх навальніц.

А пасля басавітыя громы
Прагрукочуць, як гінуў «Вараг»,
Горды, мужны, непакароны,
У сляпых акіянскіх вірах.

I калі утаймуюцца людзі,
Змоўкнуць воплескаў перуны, —
Зноўку сэрца тваё разбудзіць
Гул вясёлы цымбальнай струны.

Дык хутчэй жа расплюшчы вочы:
У «Лявонісе» — пазірні —
Трапяткія вясёлкі сарочак
I віхор каляровых спадніц.

Ці ў маленства вярнуўся, ці ў сне я?
Тут да болю мне роднае ўсё.
Так скакаць могуць толькі жнеі
I касцы з беларускіх сёл.