Гулам незнаёмым апалошча,
З-пад гары — агні, агні, агні.
І ляціць ад прывакзальнай плошчы
Чорны шах на бронзавым кані.
Дзіўна тут усё і незнаёма:
Песня-крык і востры пах пладоў,
Казачныя постаці харомаў,
Сцены глінабітныя платоў.
На асфальце трапяткія цені,
Пад ліствою звоняць арыкі,
I пераліваецца адзеннем
Буйны вір натоўпаў гаваркіх.
I калі гарачымі вачыма
З-пад чадры іранка шугане,
Мімаволі ты прашэпчаш імя,
Чутае калісьці, — Шаганэ...
Заламаўшы сінюю пілотку,
Паліцэйскі ішака вядзе.
На рагу з алахам на ўсю глотку
Брудны дэрвіш гутарку вядзе.
Дзівімся крыху на шоўк і шалі
Згодна абавязку ўсіх гасцей.
Ды раскоша нас не спакушае, —
Мы непараўнана багацей.
Нейкія замежныя салдаты,
Зорку запрыкмеціўшы маю,
Па панелі грукаюць заўзята
I з павагай чэсць нам аддаюць.