Ты чуеш курлыканне — рад ці не рад?
Між хваляў густой сінявы
Лятуць журавы за гару Арарат,
На поўнач лятуць журавы.
Прывык сустракаць ты іх гэтай парой
Пад першай вясновай зарой.
А тут журавель, узмахнуўшы крылом,
У вырай праз сэрца ляціць напралом.
Забыў, што ад дому за тысячы міль, —
Злуешся і крыкнуць карціць:
«Гэй, хто там знаёмы да болю фільм
З канца пачынае круціць?»
Лятуць журавы за Казбек і Эльбрус,
I сэрца сціскае туга.
Сустрэне іх хутка мая Беларусь
На цёплых зялёных лугах.
Я зайздрасці к птушкам ніколі не меў —
Без крылляў мне нават ямчэй,
А зараз ад крыўды глухой анямеў
I з неба не зводжу вачэй.