Дарога бегла ў Бендэр-Шах,
Сцякала з гор да нізін.
Матор клекатаў у маіх вушах
Запар шэсцьсот хвілін.
Ад цішыні я раптам аглух
I выйшаў, як п'яны, на луг.
Насустрач выбеглі кіпарысы:
«Ад нашага сонца, таварыш, прыкрыйся».
I раптам, расштурхваючы натоўп
Крыклівых паўдзённых дрэў,
Бяроза рынулася:
«Браток,
Як слаўна, што ўрэшце мяне ты сустрэў!»
Схапіў у абдымкі ад радасці я
Бярозу:
«Адкуль жа ты ў гэтых краях?» —
«Я йшла за табой з магілёўскага бору,
Бо ведала: будзеш тужыць на чужыне
Па мне ты.
Я йшла цераз пушчы і горы,
Мясіла дрыгву ў Кахецінскай нізіне,
Глыбокія рэкі пераплывала,
Калела ад сцюжы на перавалах.
Паэт мой, чаго ты на поўдні не бачыў —
Айвы кіславатай, шакалаў ці кобраў,
Багатых пярсцёнкаў ці слёзаў жабрачых?
Тут горача, пыльна, тут вельмі нядобра.
Хадзем на радзіму!
Там зараз вясна.
Чужынцаў прагналі, баі адгудзелі.
Як травы шумліва ўзыходзяць у нас!
Як радасна пушчы гамоняць у нас!
Адгэтуль да нас і буслы паляцелі».
Мы доўга з бярозай стаялі ўдваіх
На нейкай нізіне, ў далёкім Іране,
На поўнач з бярозай глядзелі ўдваіх.
I так размаўлялі, што горы і луг
Ад рэўнасці дзікай ў тузе заміралі.