Каспійскае мора!
Раздольным і сінім
Прыйшло на спатканне ка мне ты.
Паверыш —
Калі б ты шумела у нашай краіне,
Табе я штодня прысвячаў бы па вершу.
I хто гэта часам наіўна гаворыць,
Што ёсць справядлівасць?
Ад крыўды — аж горача.
Адным вось такое раскошнае мора,
Другія ж не маюць мізэрнага морачка.
Сягоння, як зоры на небе засвецяцца
I месяц з-за хмары нахмуранай выблісне, —
Каўшом серабрыстым Вялікай Мядзведзіцы
Паўмора зачэрпну і ў Піншчыну выплесну.
Я прагны.
Свой грэх разумею і каюся,
I зноўку грашу яшчэ болей, вядома.
Калі мне цудоўнае што сустракаецца —
Жадаю загрэбці і весці дадому.
Для прыкладу — горы.
Хацеў я аднойчы
У Грузіі сперці славуты Казбек.
Ён сам прызнаваўся не раз мне, што хоча
Бліжэй перабрацца да нашых рэк.
А даць узамен я збіраўся грузінам
Палову мазырскай ці пінскай нізіны.
Грузіны — у лямант:
«Без гор мы загінем!
Няўжо табе мала азёр і бароў?»
I я злітаваўся — Казбек ім пакінуў:
Не крыўдзіць жа добрых грузінскіх сяброў.
Я прагны.
I ўсё ж, хто са мною знаёмы,
Той шчыра прызнае, што хлопец я свой.
Дазволіў ахвотна я нашаму Нёману
Літоўскія землі ўпрыгожыць сабой.
Дняпро на Украіну пусціў я з Палесся —
Вада у Дняпры з беларускай крыніцы.
Няхай. Мне не шкода.
Бо гэтулькі песень!
Куды без Дняпра іх падзець украінцам!
...Стаю ля Каспійскага мора на беразе
I марай уласнае сэрца трывожу —
Мая Беларусь, у рамонку і верасе,
Цябе не на жарты зрабіць я намерыўся
Багатай, шчаслівай,
Як песня, прыгожай.