Размова з ішаком

 

Гартанная песня завязла ў вушах,
Ад пылу зрабіўся я мельнікам.
Раве, нібы дрэнны акцёр, мой ішак,
Здзекуецца з пісьменніка.

Маўляў, раз прыехаў на поўдзень — цярпі.
I горы, і спёку пякельную.
Даволі пісаў пра жніво і сярпы,
Пра смачны дымок над патэльняю.

Падумаеш — хітрасць у рыфмы цаляць
У садзе, ружовым ад сораму.
А вось паспрабуй напісаць пра цялят,
Што пасвіць іранец пад зорамі.

А вось паспрабуй з верблюдом у нагу
Прайсці праз пустэлі і горы ты...
Цярпеў я, цярпеў і зароў: «Не магу!
Ідзі ты, ішак мой, к чорту!»

I хто, вы скажыце мне, гэта хлусіў,
Што ішакі дурнаватыя?
Пасля той размовы я тыдзень насіў
Вушы, забітыя ватаю.