Зоры ззялі спачатку ў расе,
Каб агнём залатым адагрэць яе.
Ён пастукаў, прыйшоў і сеў
На пакрыўленым табурэце.
Зоры рынуліся да шыб
Падзівіцца на незнаёмца.
«Не прыпомню я вас, дадушы», —
Я прамовіў з усмешкай няёмкай.
Вусны тонкія ён скрывіў,
Табурэціна заскрыпела.
«Смутак мой — і ў вашай крыві». —
I адкінуў цёмны капелюш.
«Мой загадкавы сум і нуду
Вывучаюць сотні вучоных.
Дзе праеду я, дзе прайду —
Там прыхільнікаў незлічона.
Хто са мной пагаворыць хоць раз,
Той вандруючай стане каметай.
Адзінокіх і гордых нас
Паважае уся планета».
Нібы вучань, пачуўшы падказ,
Уздыхнуў я з палёгкай. Цікава...
«Вы Пячорын? Я ведаю вас,
Ў сямігодцы праходзілі нават.
Вы, здаецца, мелі намеры
Ажаніцца на нейкай Мэры?»
Ён з пагардай зірнуў на мяне:
«I чаму вас вучаць у школе?
Каб Пячорын жанатым быў? Не!
Не зраблю я глупства ніколі».
«Прабачайце, зусім забыў,
Што жанчын вы любілі памучыць.
Казбіч Бэлу праз вас забіў?»
«I чаму вас у школе вучаць!»
Як змяніла яго пара...
Валасы парадзелі, залізаны.
Шэрай плямаю з-пад каўняра —
Зацырованая бялізна.
Бледны твар. Чужаземны акцэнт.
Выраз вуснаў сухі і тонкі.
Цьмяна бліскаюць на руцэ
Тройчы вылінялыя пярсцёнкі.
Я сядзеў, пазяхаў... Не сцярпеў —
Запытаў у яго тактычна:
«На якой вы пасадзе цяпер,
На плебейскай ці арыстакратычнай?
З тых часоў, як з Расіі знік,
Ходзяць розныя цёмныя версіі.
Між вучонымі шмат грызні —
Чым займаліся вы у Персіі».
Ён адразу абмяк і зблажэў,
За хвіліну зліняла аблічча.
Табурэт пераставіў бліжэй
I пачаў шаптаць таямніча:
«Я даўно тут жыву. Прадаю
Віскі, піва, гарбату, закускі.
Людзі рускія не прызнаюць,
Ты, гавораць, не наш, не рускі.
I адводзяць вочы убок,
Знаю: думаюць — белагвардзеец.
Пераблытаўся дзён клубок,
I канца не знайду анідзе я...»
Я прыглядваюся пільней:
Тып, як кажуць, амаль адмершы.
Завагаўся — ці варта мне
На такога растрачваць вершы?
Бо даўно ўжо няма у нас
Гэткіх дэманаў гультаяватых.
Маладзік за акном пагас.
Як жа выжыць яго мне з хаты?
«Вам, — кажу, — пара ў рэстаран,
Зарабляйце на старасць грошы».
Уздыхнуў ён: «Іран мой, Іран».
I палез у старыя галошы.
I пайшоў ён над новай зарой,
Адзінокі, ў капелюшы чорным,
Перажытага часу герой,
Так сказаць, бессмяротны Пячорын.