На Ардабільскім перавале...

 

На Ардабільскім перавале,
Пад дзікім позіркам арлоў,
Мяне, як скрыпку, пілавалі
Смыкі дванаццаці вятроў.

I я з вар'яцкай гэтай высі,
Бездапаможны і малы,
На мусульманскі край дзівіўся,
Прыклеіўшыся да скалы.

Па рыжай скроні перавала
З-пад залатога ледніка
Раўла, свяціла, піравала
Высакагорная рака.

Каля ракі маліўся богу
З крывой турэцкай шабляй курд.
I раптам з воблака сівога
Джайранаў выбег шэры гурт.

Курд, развітаўшыся з алахам, —
За стрэльбу, на каня і ўслед.
А я з тугой пакратаў флягу —
Ото б джайрана на абед!

Такім нязвыклым тут было ўсё,
Такім паўдзённым, трапяткім,
Нібыта казкай стаць клялося,
Нібы прасілася ў радкі.

Я не стрымаўся ад спакусы,
Стаў верш пісаць ля гулкіх вод,
На плечы нейкага Эльбруса
Паклаўшы верны свой блакнот.