I адзін я ў пустыні, I адзін я ў пустыні... Кроў пачне закіпаць, Потым зноўку застыне. Хоць шукаюць сябры — ды мяне не знаходзяць На паблытаных сцежках вайны. Караваны мяне абыходзяць, Заміраюць у далях званы. Толькі жоўты пясок неабсяжнай пустыні Нада мною галосіць То працяжна, то сіпла. Толькі жорсткі пясок агнявая пустыня Праз вачніцы мае усё сыпле і сыпле. А гарачае сэрца малатамі куюць, А вятры адыходную песню пяюць. Хоць бы трошачку ценю, Хоць бы кроплю вады, Хоць бы сівы арол засланіў крыллем сонца! А пасля міражы, А пасля гарады, Што пакінуў калісьці я ў роднай старонцы. Вось пяскі валасы ўжо мае замялі, Сэрца зараз праб'е дванаццаць. Не хачу паміраць на чужой я зямлі! Трэба ўзняцца. Я свінцовыя вейкі свае расчыніў, Свет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны. Толькі я ўжо устаў, Бо удалечыні Я убачыў вялікае сонца Радзімы. Дык свяці, не гасі гэты светлы маяк, Дарагая Радзіма мая! Хай вятры у вушах па-вар'яцку гудуць, Хай пясок скрыпіць і рыпяць суставы, Але я іду, Але я дайду Да першай савецкай заставы.