Гарлае ноч хрыпатай глоткай пеўня...

 

Гарлае ноч хрыпатай глоткай пеўня.
І кіпарысаў шум усё напеўней,
Світальны шум. Пара заснуць, пара...
Да чорнай шыбы прыкіпела зорка,
А мне не спіцца, і на сэрцы горка,
I скаргі нудныя выходзяць з-пад пяра
Я на паперы, бледнай і пакорнай,
Раз'юшана складаю спісак чорны
Сваіх сяброў, якія тыдняў пяць
Лянуюцца лісты мне напісаць.
А для мяне яны патрэбней хлеба,
Каб глянула з радкоў радзімы неба,
Каб ластаўкамі белымі канверты
Ляцелі да мяне з палескім ветрам.
За вокнамі шакал прачула вые,
А прада мной — лісты сяброў старыя...
Таму салдату, можа, і не спіцца
Ў далёкім чужаземным гарадку,
Што думаеш пра родныя крыніцы
I радуешся кожнаму радку.