


Як страшная зь нябёс пагрозных кара...
Як звоны срэбных крылаў у агні...
Як быццам сотні, тысячы Ікараў
З пачатку дзён... З зэніту... Аб граніт.
Якая веліч, сіла і... журбота!
Як добра, ўзьняўшы дымны, зорны сьмерч,
Ў імгненьне найвышэйшага узьлёту
У лікаваньні раптам стрэнуць сьмерць.
Пімену Панчанку, У. Караткевіч
Адплывае белы цеплаход
За абруч блакітны небакраю,
На прасторы хваляў і прыгод.
Я гляджу услед...
I забываю.
Бо на той на палубе няма
Ні сяброў,
Ні нечых мілых ножак.
Хай там будзе сонца ці туман,
Цеплаход мяне больш не трывожыць.
Так і цуды нейкіх авеню
I сады ружовыя Сарэнта
Ў памяці падчас пераганю,
Быццам бы старую кіналенту.
А было:
Старэнькі грузавік,
Абшарпаны і заліты граззю,
На якім мой сябра-франтавік
Ад'язджаў, —
Навек мяне уразіў.
Мы ўсе ў маланках і біятоках...
Мы ўсе ў маланках і біятоках,
У навальнічных успышках мы.
Яны, нябачныя нашаму воку,
Снуюць няспынна паміж людзьмі.
Бывае, нешта ў нас страпянецца,
Дык ведай: верны таварыш твой,
Забыўшы справы, к табе імкнецца
Са старамоднаю дабратой.
Калі ж з арбіты твой друг сарвецца,
Заўжды пачуеш, дзе б ты ні жыў,
Удар апошні роднага сэрца,
Апошні выбух яго душы.
Прыязджаюць людзі у горад,
Пасівелыя людзі.
Ходзяць,
Прыпыняюцца, уздыхаюць
I з трывогаю нешта шукаюць,
Але не знаходзяць
Аніводнай прыкметы знаёмай:
Ні вежы, ні дрэва,
Ні плошчы, ні дома...
I толькі ноччу, цёмнай і горкай,
Паглядзяць на высокія зоркі —
I пазнаюць.
I зразумеюць,
Што гэта іх родны горад,
Незнаёмы
Пасля перажытага гора,
З мільёнам новых прыкмет
Для іншых.
Зямля мая то мяккая, то мулкая...
Зямля мая то мяккая, то мулкая,
Ад навальніц прасторная і гулкая —
Такая непаўторная заўсёды.
Ад спёкі разамлелая, спакойная,
Бярозавая, бэзавая, хвойная —
Яна найпрыгажэйшая заўсёды.
У кожнага свае лясы, і ластаўкі,
I песні, і жаночы голас з ласкаю —
Яны мне найраднейшыя заўсёды.
І зоркі нашы, і сцягі гарачыя
Вялікай перамогаю адзначаны —
Адданы ім я ўсюды і заўсёды.
То ў працы, то ў дымным паходзе...
То ў працы, то ў дымным паходзе,
У потнай штодзённай турбоце,
А зрэдку ў лясах на выгодзе
На роднай любімай зямлі
Найлепшыя годы праходзяць,
А ў нас, пастарэлых, прайшлі.
Мы лішняга шчасця не просім,
Украдзенай славы не носім
I нават аб тым не галосім,
Што сэрцы навекі замруць.
Мы ўсе, нібы зерні з калоссяў, —
З зямлі ды ізноўку ў зямлю.
Збіраліся чорныя, гарбаносыя...
Збіраліся чорныя, гарбаносыя,
Цягнулі з сабою сірот і ўдоў усіх,
Гора і слёзы свае выносілі
На старажытную плошчу Фірдоусі.
I гул нарастаць стаў, нібы пры абвале,
I чырвань сцягоў пачала разгарацца.
Рысу і працы патрабавалі
Дзесяць тысяч галодных іранцаў.
Коні жандараў хрыпелі у пене.
Завулкі чакалі ад выбухаў пошчаку,
I самі прасіліся ў рукі каменні
З раздаўленай гневам і ярасцю плошчы.
На нягоды жыцця не жальцеся...
На нягоды жыцця не жальцеся,
Не было б перамог без нягод.
Нараджайцеся, нараджайцеся
Кожны месяц і кожны год.
У вачах любімай дзяўчыны,
У вачах суседзяў, сяброў,
У вачах прафесараў чынных
I забеганых дактароў,
I ў шырока раскрытых дзіцячых
Вачанятах,
I ў плыткай вадзе.
Не старэйце, людзі, дачасна,
Нараджайцеся кожны дзень.
Аб вясёлым цёплым доме,
Аб вясновых кветках першых,
Аб суседзях невядомых
Напісаць хачу я вершы.
Як напоўняцца кватэры
Маладымі галасамі,
Светлым сонцам, змрокам шэрым,
Пахам смажанага сала.
Дом з радзінамі, з каханнем,
З добрым смехам, з дробнай сваркай,
З невялікімі грахамі
Камунальнай гаспадаркі.
Дом, дзе ўбачыў я праз вокны
Не маленькі цесны дворык,
А прастор зямны шырокі,
Па якім сумуюць зоры.
Франтавікі старэць не маюць права,
I колькі там гадоў ні набяжыць,
А нашы твары, як і нашы справы,
Заўсёды будуць маладымі жыць.
Бо іх такімі — з добраю усмешкай —
Запомнілі гісторыя і час,
I тыя полькі юныя і чэшкі,
Што ў сорак пятым абдымалі нас...
А хто не паспрыяў людскому шчасцю,
Каго і сёння гне халуйскі страх,
Дык той не франтавік, не нашай часці,
А недзе акалачваўся ў тылах.
Мала сказаць: ненавiджу,
Мала сказаць: прызнаю,
Бiцца за праўду — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.
Дрэннаму — не пакарыцца,
Добрае — не празяваць.
З дробнай хлуснёй не мiрыцца,
З буйнай хлуснёй ваяваць.
Гэтым бы i кiравацца…
Толькi і зло, i хлусня
Хiтра маскiравацца
Вучацца спрытна штодня.
Нехта i подлы, i хiжы
Клятву паўторыць тваю:
З ворагам бiцца — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.
У дні бяды і ў ранак Перамогі,
У дні, калі ты харашэў і рос,
Усе твае падзеі і трывогі
Я ў сэрцы нёс.
Я да цябе з усіх дарог вярнуся:
Вярнуся ў партызанскую радню.
Ты мне прабач, калі я зажуруся
Ля Вечнага агню.
Спакойнае дзяцей сваіх дыханне,
Шумі над іх калыскамі ліствой.
Маё ты ранне і маё каханне
I вечар сіні мой.
Мой родны Мінск,
Пад небам жураўліным
Жыві, квітней пад зоркай залатой.
Ты для мяне на ўсёй зямлі — адзіны,
Цябе люблю я ўсёй душой.