1
Здалёку сёння подзвіг ваш відаць!
I не таму, што патрабуе дата,
Так сэрца патрабуе — чэсць аддаць
Найлепшаму паэзіі салдату.
Дарогу расчышчалі вы для нас
Ад ворагаў і паэтычных трутняў,
Грамілі вы бязлітасна пралаз,
Глушылі гнеўна голас іх атрутны.
Вы ведалі: дзе друг і вораг дзе.
За вамі ўслед наш крок накіраваны.
Так ледакол у Арктыцы вядзе,
Лёд крышачы, наперад караваны.
Так, нам лягчэй, таму што вы жылі...
Хоць нашы словы не гулі, як вашы,
Мы песняю і куляй бой вялі,
Сябе лічылі вашым экіпажам.
Калі народ наш выйшаў бараніць
Радзіму, чуўся голас ваш арліны.
I надпіс «Маякоўскі» на брані
Чыталі ля рэйхстага мы ў Берліне.
І на будоўлях з намі вы, жывы,
Такі ж імклівы, смелы, грозны, бурны.