1
Здалёку сёння подзвіг ваш відаць!
I не таму, што патрабуе дата,
Так сэрца патрабуе — чэсць аддаць
Найлепшаму паэзіі салдату.
Дарогу расчышчалі вы для нас
Ад ворагаў і паэтычных трутняў,
Грамілі вы бязлітасна пралаз,
Глушылі гнеўна голас іх атрутны.
Вы ведалі: дзе друг і вораг дзе.
За вамі ўслед наш крок накіраваны.
Так ледакол у Арктыцы вядзе,
Лёд крышачы, наперад караваны.
Так, нам лягчэй, таму што вы жылі...
Хоць нашы словы не гулі, як вашы,
Мы песняю і куляй бой вялі,
Сябе лічылі вашым экіпажам.
Калі народ наш выйшаў бараніць
Радзіму, чуўся голас ваш арліны.
I надпіс «Маякоўскі» на брані
Чыталі ля рэйхстага мы ў Берліне.
І на будоўлях з намі вы, жывы,
Такі ж імклівы, смелы, грозны, бурны.
I мне здаецца, гэта першы вы
Нам абвясцілі пра Шанхай з трыбуны...
Як і пры вас, паны вяроўкі ўюць
Для шыбеніц, ад ярасці шалеюць.
I вашы вершы зноў дакладна б'юць
Па мордах розных чэрчыляў і клеяў.
Зноў мір яны імкнуцца падарваць,
Зямлю зрабіць крываваю арэнай...
Я ні сабе, ні другу дараваць
Больш не магу страфы ніводнай дрэннай.
Народ чакае палкіх слоў ад нас,
Каб здзейсніць найхутчэй свой план вялізны.
— Раўняйцеся, — загадвае нам час, —
На першага паэта камунізма!
2
Калі я заходжу ў метро
на станцыю вашага імені,
Здаецца, нібы уваходжу
у самы найлепшы ваш верш.
Тут кожная арка высокая —
як слова у радасным гімне,
Як самая звонкая песня
аб нашай любімай Маскве.
Натоўпы людзей шматгалосыя
радамі ўліваюцца шчыльнымі,
Пабачыш усе тут прафесіі,
сыноў розных нацый і рас.
Вось гэтак і вашае сэрца
для ўсіх нас шырока расчынена,
Вось так і радкі вашы ярка
святлом азараюць наш час.
Калоны ўздымаюцца крута
са сталі неіржавеючай,
Вылётваюць з жэрлаў тунеляў
і далей ляцяць цягнікі.
I вашыя вершы такія ж
па стройнасці, сіле і велічы,
Па рэйках радкоў вашы думы
у заўтра ляцяць, у вякі.