Званы Жукава

 

Прыбужскае сяло
Сустрэла вызваліцеляў,
На захад адкаціліся
Ўсе грукаты вайны.
Стаіць царква на плошчы
З аглухлымі званіцамі:
Укралі акупанты
Вясковыя званы.
Былі і слёзы радасці,
Плылі і слёзы жалю,
Малебен адслужылі,
Ды не было званоў...
Пісаць пісьмо да Жукава
Рашылі прыхаджане.
А дзе наш збаўца маршал?
У пекле ўсіх баёў.
«Ён зараз гоніць ворага,
Яму турбот па горла,
Не лезьце з вашым глупствам:
Вайна яшчэ грыміць».
Але старыя ўпёрліся
Ад радасці ці гора —
Пісаць пасланне Жукаву.
А можа, даляціць?..
Дайшло пісьмо да маршала,
Дайшло да сэрца маршала,
Прыслаў званы ім маршал
З камандаю байцоў.
Малебен перамогі
Уславіў свята наша,
Тады адказ ад маршала
Чыталі сто разоў...
Не людна сёння ў цэркаўцы,
I мала хто ўжо моліцца,
Цяпер ва ўсіх інакшыя
Жаданні, мары, сны.
А як званы зазвоняць,
Замоўкне ўся ваколіца,
I кожны скажа з гордасцю:
— То Жукава званы.