Знаёмыя

 

Няма такіх дзвярэй,
Куды б хоць раз
Знянацку не пастукалася б гора.
I мала тых куткоў,
Дзе б у нялёгкі час
Схавацца можна
Ад хлусні і зморы.
А шчыра усміхацца —
То не цяжка,
Калі у сэрцы
Чалавечнасць ёсць.
Знаёмыя...
Усмешкі іх — нацяжка
На раўнадушша.
Зайздрасць альбо злосць.
Пазбаўленыя ласкі да людзей,
Мае знаёмыя
Збіраюць толькі смецце.
Іх захапляюць плёткі
Кожны дзень.
І нават весткі
Аб чыёйсьці смерці.
Здзіўляюся:
Як можна гэтак жыць!
Зямля здаецца ім
Крывым люстэркам...
Яна ж наўкол
У хараство ляжыць
I свеціць праўдай
Добрай і нясцерпнай.