Жарт

 

Маладых паэтаў кадры
Намякаюць далікатна:

«Шмат вы рыфмаў настругалі,
Бэз увесь паабстрыгалі.

Вам пара закончыць песні
I падбаць адносна пенсій».

А якая там пара —
Іскры сыпяцца з пяра.

Чуеш — іскры, не пясок,
Сад зялёны не пасох.

Сіні верас, сіні верас,
Нам дзяўчаты покуль вераць.

А як верыць перастануць,
На улік пенсійны станем.

Будзем трутнямі гудзець,
Будзем з зайздрасцю глядзець,

Як чарнявы падшыванец
Прыгажуню ў сад вядзе.