Жабракі

 

Гэта страшная праўда, не сон —
Ля касцёла сядзяць жабракі.
Скупа сыпле журботны звон
На далоні калек медзякі.

Тут ідуць пешаходы шпарчэй,
Каб не бачыць гаротніцкіх слёз.
Пазірае з галодных вачэй
Майго дзеда пахованы лёс.

Вось пяе аднаногі жаўнер,
Пасінелы ад сцюжы, худы.
А калісьці пад шэлестам верб
Быў ён дужы і малады.

Дзе ж паны, што кляліся дарамі
Пагасіць твой боль, чалавек?
За якімі марамі, гарамі
Насягнуць іх праклёны калек?

Мне не будзе спакойна спацца,
Я не выпушчу стрэльбы з рукі,
Пакуль ёсць паны у палацах,
Пакуль ёсць на зямлі жабракі.