Недзе ад Дуброўны недалёка
З логікаю мудраю ўразрэз
Ёсць адзіны ў нас з бядой нялёгкай
Цёмны замініраваны лес.
Быццам абмінула перамога
Гэты лес, такі стары, стары.
Парасла вайна касматым мохам,
Пісягоў не бачна на кары.
Не прайшлі сапёры тут спачатку,
Не прайшлі сапёры тут пасля.
I нашпігавана ўся ўзрыўчаткай
Ды іржавым страхам тут зямля.
Што там драцяная агароджа!
Разбамбіць бы — і канец бядзе,
Ды шкада: хоць страшны, а прыгожы,
Можа, хто парадак навядзе.
Тут нямецкіх пастак шмат і нашых
Самаробных мін і завадскіх.
Навакол малых тым лесам страшаць
З лесу прыкульгаўшыя дзядзькі.
Хлапчукі на дрэвы тут не лазяць,
Вось бы ім заўсёды памяць мець,
Бо з карэннем тут пераплялася
Даўняя затоеная смерць.
А калі барсук альбо куніца
Зблытаюць знаёмыя шляхі,
Грымне выбух, блісне бліскавіца,
Пошчакам пракоціцца глухім.
I замлее сэрца ў маці кожнай,
Цяжка партызан сівы ўздыхне...
Час мой, асцярожны і трывожны,
Колькі лес той будзе на вайне?