За акном — бясконцых шын шыпенне...

 

За акном — бясконцых шын шыпенне.
Раптам, уварваўшыся ў пакой,
Скаланула музыка Шапэна
Мой шумлівы гарадскі спакой.

Я журботны плач паціху слухаў —
Чалавеку склалі дзве рукі.
Зрэдку барабан няўмольна бухаў,
Быццам забіваў ужо цвікі.

Род людскі пабольшаў і паменшаў,
Вечны рух на сцежках крыжавых...
А Шапэн аплаквае памершых,
А Шапэн жыве паміж жывых.