Рыгору Барадуліну З нас многія прагнуць разумнага, Сапраўднага і чалавечнага. А восень, цяжкая і сумная, Шпурляе ліствой пакамечанай. З нас многія прагнуць праўдзівасці, Звычайнай людской натуральнасці, Для радасці мы нарадзіліся, А гора ізноў паўтараецца. I знікнуць адразу дарадчыкі, I ластаўкі пырхнуць у Крым. У радасці — звонкая складчына, У горы — самотна гарым... Хлусня да хапугі прыцерлася, Зрадніўся ён моцна з рублём. Бязлітасным смехам хацелася б Такога прабіць. Ці праб’ём? А можа, пытаннем замажам? Дадзім адпачыць і радку. Далей ад кулацкіх замашак — Па першым нясмелым лядку. А верш адпачынку не просіць, Імкнецца да лепшых людзей. Хай ластаўкі зноўку прыносяць У дзюбах драбочкі надзей.