Юнак

 

Ты — юнак. Навокал
Свет, як песня, прыгожы, прывабны.
Ападае на дол
Майскі пух зацвітаючых яблынь.

Добра ў садзе хадзіць,
Сустракаючы сонечны ранак,
Чулым сэрцам лавіць
Звонкі голас дзявочых вяснянак.

У маланкавы дзень
Хмара кідае медныя коп’і
I грымяць на вадзе
Гулкім выбухам першыя кроплі.

Ты вясёлы ідзеш
Пасля ліўня да шоўкавых руняў,
Што ні кветка — то верш,
А дзяўчаты усе — прыгажуні.

Травы гнуцца ад рос.
I ты бачыш, як макі на градах
Узнялі да нябёс
Каснікі каляровыя радуг.

Ты жадаеш хутчэй
Паляцець у блакіт і дастаць іх
I каханцы сваёй
Падарыць на вясельнае плацце.