Яшчэ адзін шумлівы год прайшоў —
Адна прыступка на кароткай лесвіцы.
Я пастарэў на тысячу дажджоў,
Памаладзеў на тры вясновых месяцы.
Пісаў, чытаў, па свеце вандраваў,
То цешыўся драбніцай, то злаваўся;
Сто лепшых дзён бязглузда засядаў
I з масаю пісьменніцкай зліваўся.
Злівацца трэба з радасцю людской,
З турботамі жыцця і з чалавечым горам.
Хай мой такі нялёгкі неспакой
Вядзе мяне па ўсіх кутках да зморы.
I стане мілым кожны снегапад,
На ўсё зірну я з большаю прыязнасцю
I кожнаму дажджу заўсёды буду рад:
За ім ідуць дні цеплыні і яснасці.